Open Library - открытая библиотека учебной информации

Открытая библиотека для школьников и студентов. Лекции, конспекты и учебные материалы по всем научным направлениям.

Категории

Литература Тыпы ток-шоў
просмотров - 206

Менавіта падчас практыкі тэлевяшчання вылучылася некалькі тыпаў тэлевізійных ток-шоў як жанру электроннай публіцыстыкі.

Па-першае, вызначаюцца ток-шоў па жанравых адзнаках і па структуры жанравай кампазіцыі і могуць быць

- інфармацыйна-аналітычнымі (публіцыстыка паводле факталогіі і аналітыкі – “Времена”),

- сацыяльна-публіцыстычнымі (БТ – ”Будні”, СТБ – “Личный интерес”, “Находится в розыске”, “Культура” – “Культурная революция”, “Оркестровая яма”),

- пазнавальна-забаўляльныя (БТ – “5х5”, ОРТ – “Поле чудес”, “Большая стирка», «Принцип домино»).

Па-другое, ток-шоў вызначаюцца па мэце сацыяльна-публіцыстычнага ўздзеяння і інфармацыйна-камунікатыўнага абмену:

- грамадска-палітычныя ток-шоў (Першы канал, Масква – “Времена”, НТВ – “К барьеру”, “Свобода слова”),

- “мыльныя” ток-шоў: абмеркаванне праблем розных сацыяльных груп, праблемных адносін да агульначалавечых каштоўнасцей (АНТ – “Выбар”, Масква – “Принцип домино», «Большая стирка»),

- забаўляльна-гульнёвыя ток-шоў (Масква – “Поле чудес”, “Кто хочет стать миллионером”, др.),

- “reality TV” – дакументальныя ток-шоў у рэпартажнай стылістыцы (Масква – «За стеклом», «Последний герой», «Будка гласности», «схаваная камера»).

Па-трэцяе, ток-шоў – для розных узростаў: «для ўсіх», «для дзяцей», «для падлеткаў».

Па-чацвёртае, стварэнне ток-шоў у залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў:

- «камерныя ток-шоў» – адсутнасць аўдыторыі ў студыі,

- масавыя, «класічныя» ток-шоў – 50-60 % эфірнага часу займае даскусія або абмеркаванне тэмы аўдыторыяй у студыі па схеме: «эксперты»—вядучы—аўдыторыя ў студыі, магчыма інтэрактыўнае далучэнне глядацкай аўдыторыі,

- «ток-форум» – пераважная роля аўдыторыі па абодва бакі экрана – да 99 %; вядучы з роляй мадэратара або зусім без яго. Схема: госці-«эксперты»—студыя—глядацкая аўдыторыя (інтэрактыўны ўдзел).

Нарэшце, пяты тып ток-шоў вызначаецца ў залежнасці ад тэхналогіі падрыхтоўкі:

- студыйнае ў запісе,

- студыйнае ў наўпростым эфіры,

- пазастудыйнае ў запісе,

- пазастудыйнае (вулічнае або «на месцы» не студыйнай зале) у наўпростым эфіры*

Нават вышэйпрыведзеных прыкладаў вядомых праграм у жанры ток-шоў можа быць дастаткова, каб адзначыць, што гэты публіцыстычны жанр стаўся ці не дамінантным сярод іншых. Бо у ім крышталізаваліся, выпрацаваліся, вызначыліся сучасныя і менавіта дэмакрытычныя магчымасці масавых, калектыўных зносін. У жанры ток-шоў ствараецца і рэальная магчымасць, і, адначасова, пэўная ілюзія магчымасці ўдзелу кожнага гледача або радыёслухача ў абмеркаванні злабадзённай праблемы. І гэта вонкавая прыкмета жанру бярэ свой пачатак ад старажытнарымскага форуму, дзе кожны дэмакрат-патрыцый меў аднолькавае з усімі права на выказванне, на крытыку, на перакананне без пэўных карных наступстваў.

Не менш важная ўласцівасць жанру ток-шоў — гэта псіхалагічны бок яго папулярнасці. Ток-шоў стварае ілюзію ўсеагульнай магчымасці як бы дэмакратычнага забеспячэння таемнага псіхалагічнага жадання чалавека на публічную “самазаяўку”: кожнаму чалавеку на генетычным узроўні прыемна публічнае выступленне і, асабліва, публічнае ўхваленне, прыемна чуць сваё прозвішча, якое тыражуецца “на ўвесь свет”. А калі меркаванне асобнага “простага” чалавека з публікі на ток-шоў становіцца ў ранг “правільных”, сучасных, актуальных, ад якога “адштурхоўваюцца” у сваіх вывадах вядучы або паважаны каментатар — гэта і ёсць публічна важны псіхалагічны бок прыцягальнай сілы жанру ток-шоў. І гэта пацвярджае нават элементарны “генезіс” такога кшталту праграм спачатку з гісторыі радыё, а цяпер і тэлебачання: выключная папулярнасць разнастайных віктарын, мастоў, праграм па заяўках, у якіх прамаўляюцца прозвішчы і імёны “простых” людзей (праграмы-”цвікі” усіх FM—р/с: па заяўках, віктарыны з прызамі, проста “балбатня” у эфіры). А ток-шоў — гэта͵ безумоўна, “мост” ад тых праграм, пра што сведчыць такая “народная перадача”, як “Поле чудес», а таксама праграма, разлічаная на больш высокі узровень інтэлекту — «Что? Где? Когда?». Аднак і ў першай, і у другой псіхалагічны прынцып застаецца адзін: персанальная масавая прэзентацыя асобы, задавальненне таемнага жадання кожнага “калектыўнага” чалавека быць прызнаным калектывам, грамадствам, сацыяльным асяродкам – “сям’ёй”. Нават дастаткова і таго, каб памахаць рукой родным з экрана, але экрана, на які зараз глядзіць мільённая аўдыторыя.

Аднак мы, перадусім, падкрэсліваем менавіта публіцыстычныя якасці і заканамернасці жанру ток-шоў, яго камунікатыўныя асаблівасці як масавай сучаснай формы зносін, у якой моўная прэзентацыя суб’ектаў камунікацыі праяўляецца ў выглядзе гаворкавай і, шырэй, як спрадвечнай інтэлектуальнай чалавечай гульні паводле асэнсавання таямніц жыцця ды й асэнсавання самога сябе — чалавека.

Нарэшце, наша фармулёўка. Ток-шоў — востра публіцыстычны жанр масавай электроннай камунікацыі, зместам і публіцыстычнай падставай якога з’яўляюцца актуальныя сацыяльныя, палітычныя, культурныя праблемы і пытанні або псіхалагічна прыцягальная гульня, забаўляльнае “гаворкавае прадстаўленне” вялікай колькасці ўдзельнікаў у сучаснай форме дэмакратычнай прэзентацыі. Аснова масавай камунікацыі ў ток-шоў — адкрыты, дэмакратычны (безцэнзурны) дыялог, у якім кожны з суб’ектаў такой дыялогавай формы зносін мае шчырае, без сацыяльных наступстваў права на ўласнае, суб’ектыўнае, адкрытае выказванне. Сацыяльна-псіхалагічнай асаблівасцю жанру ток-шоў з’яўляецца персаніфікацыя, перадусім, вядучага, а таксама ўдзельнікаў праграмы ў жанры ток-шоў. Жанр ток-шоў аб’яднаў на даным гістарычным прамежку часу асноўныя тэндэнцыі сучаснай журналістыкі і асаблівасці масавай электроннай камунікацыі як прынцыпа дэмакрытычных зносін людзей, якія ўзбуджаюцца і ствараюцца паводле актуальных праяў жыцця ў гаворкавай забаўляльнай форме.

Заключэнне.У якасці падсумавання сказанага ў гэтай главе прапануем некалькі вывадаў паводле формаўтварэння, якое ўсталявалася ў электронна-журналісцкай практыцы ўчора, і, што ўяўляецца найбольш цікавым і практычным, паводле удасканалення перспектыўных форм масавай электроннай камунікацыі, якую забяспечвае электронная журналістыка.

Вывад першы: форматворчасць з’яўляецца неад’емным дыялектычным станам і агульным алгарытмам журналістыкі і ўяўляе сабой аб’ектыўную творчую энергетыку, дзякуючы якой ажыццяўляецца інфармацыйна-камунікатыўны абмен у грамадстве. Аднойчы знойдзеныя і заканамерна ўсталяваныя класічныя жанры знаходзяцца ў перманентным змяненні ўласнай жанравай формы пры нязменнай дыялагічнай прыродзе зносін у прынцыпе і ў электронным асяроддзі, у прыватнасці. Без жанравай трансфармацыі немагчыма прынцыповае развіццё электроннай журналістыкі, бо форма ў журналістыцы і інфармацыйным абмене ёсць матэрыяльна-абстрактнае праяўленне зместу жыцця, рух якога адлюстроўвае і “фармальна” пераймае журналістыка.

Вывад другі: сучасныя формы электроннай журналістыкі з’яўляюцца працягам трансфармацыі жанраў і аб’ектыўным інструментам пашырэння магчымасцей спажывання жыццёвай інфармацыі ва ўмовах аб’ектыўнага яе павелічэння з хуткасцю геаметрычнай прагрэсіі. У сваю чаргу, новыя формы ўздзейнічаюць і на трансфармацыю жанраў, якія набываюць у гэтай сувязі новыя нюансы адрозненняў, што дыктуюць формы, у межах якіх традыцыйныя жанры ўжываюцца.

Вывад трэці: выбар жанру і формы журналістам як першаснай “рамкі”, у якую ён збіраецца “уставіць” тую ці іншую інфармацыю, залежыць ад некалькіх фактараў, сярод якіх галоўныя:

· мэта і інфакамуніктыўная стылістыка (фармат, прыналежнасць) канала, рэдакцыі, установы, магутнасць тэхнічнай, арганізацыйнай і фінансавай базы;

· творчая задача і прафесійнае прызванне электроннага журналіста (рэпарцёр, каментатар, публіцыст);

· маштаб, глыбіня і сацыяльная значнасць падзеі, з’явы, факта гісторыі, сацыяльнай праблемы, якія электронны журналіст збіраецца адлюстраваць і увасобіць-пераймаць. Адсюль – выбар пэўнага жанру (-аў), формы (форм), тэхналогіі (-й);

· максімальна адэкватнае супастаўленне вышэйпазначаных фактараў з уласнымі творчымі, эўрыстычнымі, крэатыўнымі магчымасцямі і прафесійнай скіраванасцю журналіста. Жанр і форма, якія выбірае журналіст, з’яўляюцца, па сутнасці, жанрам і формай асабістаснага яго праяўлення, першаснай творчай яго сутнасцю, якая затым раскрываецца праз жанр і форму;

· форматворчасць сучаснага электроннага журналіста͵ асабліва ў буйных жанрах і формажанрах, у формах з’яўляецца кампазіцыйнай або кампазітарскай творчасцю, бо прадугледжвае выкарыстанне жанраў і форм у выглядзе пэўных інфармацыйна-камунікатыўных кампазіцый – чаргаванні, вар’іраванні, спалучэнні, сінтэзаванні, супастаўленні жанраў і форм, іхняга кантрапункціравання, драматызацыі інфармацыйнай дзеі і інш. Кампазіцыйная творчасць да таго ж патрабуе адмысловых творчых захадаў, здольнасці або эўрыстычных навыкаў “бачыць”-уяўляць агульны вобраз, творча-інфармацыйны і сацыяльна-псіхалагічны вынік буйной формы

Вывад чацвёрты: электронны журналіст, які вырашае выкарыстаць складаны жанр, а тым больш складаную форму, вырашае, уласна, пэўную новую мадэль (форму) інфармацыйнага кантакту, абмену, інфармацыйных паводзін і сябе самога, і, зразумела, аўдыторыі. Любы новы буйны праект – цыкл праграм, дакументальны серыял, блок вяшчальнай праграмы, святочная тэматычная кампазіцыя і інш. – усё падобнае заканамерна прадугледжвае стварэнне новай формы інфармацыйнага кантакту як новай мадэлі эфірна-экранных зносін. А гэта заканамерна цягне за сабой стварэнне новых дынамічных стэрэатыпаў на ўзроўні індывіда і масавай аўдыторыі, што значыць як перавод дзейнасці сучаснага электроннага журналіста ў галіну псіхалогіі.

Вывад пяты: асабліва ўзровень буйной форматворчасці вылучае сучасную і перспектыўную электронную журналістыку як сферу інфармацыйна-псіхалагічнай дзейнасці. Буйная форма электроннай журналістыкі, а тым больш сучасныя электронныя тэхналогіі, натуральным чынам патрабуюць алгарытмаў і тэхналогій псіхалогіі – псіхалогіі зносін, псіхалогіі электроннага мастацтва, мастацкай псіхатэрапіі, музыкатэрапіі, псіхалогіі інфармацыйнага абмену, нэйра-лінгвістычнай псіхалогіі, гештальтпсіхалогіі і т.д. Таму сучасная электронная журналістыка на бліжэйшую перспектыву натуральным чынам пераўтвараецца ў адмысловае адгалінаванне псіхалогіі масавых зносін.

Калі схематычна прадставіць працэс ускладнення ў галіне форматворчасці электроннай журналістыкі, дык гэта выглядае так:

Жанры (факталагічныя аналітычныя публіцыстычныя)

Формы Тэхналогіі.

Менавіта апошні ўзровень форматворчасці – стварэнне і ўжыванне тэхналогій і ёсць самы высокі па складанасці, бо на ім трэба “працаваць” кампазіцыйна з усімі жанрамі і формамі “псіхалагічна”. У кантэксце электроннай журналістыкі тэхналогіі можна прадставіць як “плывучыя формы”, як формы ў руху. Вобразна тэхналогіі – гэта творчы імпульс кампазітара, узмах дырыжорскай палачкі, замах смычком скрыпача або рукі піяніста͵ іхнія “тушэ” (асабісты прыём выканальніцтва). Але калі без вобраза, дык канкрэтна-прагматычна пра формы і тэхналогіі паразважаем у другой частцы Курса лекцый..